Прафілактыка. Галоўнае – не заставацца раўнадушнымі

21.11.2024

У Казлоўшчынскім сельвыканкаме пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі прайшоў сельскі сход па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці і прафілактыкі гібелі людзей ад надзвычайных выпадкаў.

На статыстыцы вогненных здарэнняў і прычынах іх узнікнення спыніўся намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Беленка. Сёлета на Дзятлаўшчыне зарэгістравана 26 пажараў, на якіх загінулі 4 чалавекі, пераважная большасць іх адбылася з-за неасцярожнага абыходжання з агнём, у тым ліку пры курэнні. Увогуле, “п’яная цыгарэта” згубіла шмат жыццяў, прычым, найчасцей яна спадарожнічае людзям асацыяльнага ладу жыцця, яшчэ страшней, калі пад адным дахам з імі жывуць састарэлыя бацькі, іншыя члены сям’і. Для прафілактыкі пажараў адказнымі службамі раёна робіцца шмат, аднак і самі людзі павінны быць асцярожнымі. Сярод надзейных сродкаў абароны ратаўнік назваў аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія варта мець ва ўсіх жылых пакоях і падтрымліваць у рабочым стане.

Як у халодны сезон і на працягу года сацыяльная служба клапоціцца аб пажылых адзінокіх грамадзянах і інвалідах, расказала дырэктар ЦСАН Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. На надомным абслугоўванні ў раёне знаходзяцца 502 чалавекі. Для аказання стацыянарных паслугаў толькі на тэрыторыі Казлоўшчынскага сельсавета функцыянуюць аддзяленне кругласутачнага знаходжання на 25 месцаў, ложкі сястрынскага догляду на базе гарпасялковай бальніцы, пансіянат “Колас”.

У аграгарадку Гезгалы ёсць дом і кватэра самастойнага сумеснага пражывання, створаны ў раёне і замяшчальныя сем’і для састарэлых адзінокіх грамадзян. Адным словам, ёсць розныя спосабы дапамогі ўразлівым катэгорыям насельніцтва – сацыяльная служба дапамагае кожнаму, хто звяртаецца па падтрымку, знайсці прыдатны для яго варыянт.

Дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Кацярына Ляўкевіч патлумачыла ўдзельнікам сходу, як на Дзятлаўшчыне сочаць за выкананнем правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, ажыццяўляюць прафілактыку сацыяльнага сіроцтва і супрацьпраўных паводзінаў дзяцей. Пералічыла прычыны, па якіх юных жыхароў раёна могуць прызнаць у сацыяльна ненадзейным становішчы, заклікала сваякоў і суседзяў не быць абыякавымі да падобных з’яваў, асабліва калі сітуацыя пагражае жыццю і здароўю дзіцяці.

Правілы эксплуатацыі газавага абсталявання ў побыце нагадаў і адказаў на пытанні прысутных па яго абслугоўванні старшы майстар Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Іван Кавальчук.

Вынікі сходу падвёў Вадзім Бялятка. Ён падкрэсліў, што пытанні бяспекі заўсёды былі і застануцца актуальнымі, тым больш, што надзвычайныя сітуацыі ўяўляюць яшчэ і сацыяльную небяспеку: калі гарыць адна кватэра, ёсць рызыка загарання суседняй. Менавіта па гэтай прычыне варта ладзіць падобныя сустрэчы, прыслухоўвацца да парадаў спецыялістаў, не заставацца раўнадушнымі.

Спыніўся Вадзім Аляксандравіч і на сацыяльна-эканамічным развіцці Дзятлаўскага раёна, электаральнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, цяпер якраз праходзіць этап збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў у Прэзідэнты, заклікаў жыхароў быць палітычна актыўнымі.

Апошнім сходу сустрэчы стаў прагляд дакументальнай відэастужкі ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Ірына СТЫРНІК   

поделиться в: